АДУКАЦЫЯ

 2023-03-09

Беларуская мова ў шведскіх школах? Цяпер магчыма!


Мы атрымалі адказ з дэпартаменту адукацыі на наш запыт пра выкладанне беларускай мовы ў шведскіх школах (modersmålsundervisning). Дзякуючы перамовам з дэпартментам адукацыі, правілы для беларусаў перагледзелі і беларускую мову можна вывучаць нават калі ёсць менш за 5 вучняў у камуне.

Каб атрымаць навучальныя гадзіны, трэба запоўніць заяўку і даслаць яе ў школу, дзе навучаецца/будзе навучацца ваша дзіця. Кожную заяўку школы рэгіструюць у дэпартаменце адукацыі. Як толькі заяўкі трапяць у дэпартамент адукацыі, запусціцца працэс рэркутацыі настаўніка і каардынацыя паміж камюнамі.

Каб паспець атрымаць навучальныя гадзіны ў восеньскай чвэрці 2023, заяўкі трэба падаваць СЁННЯ.


Вось спасылкі на заяўкі трох камюн:


https://cutt.ly/H8Vow04

https://cutt.ly/A8Vouil

https://cutt.ly/k8Vop2y

Шукайце спасылку на сайце сваёй камуны і дзяліцеся адзін з адным у каментарах!

Патрэбна дапамога з заяўкай?, Пішыце ў каментарах ці на info@sverigesbelarusier.eu

 2022-10-13

 2023-01-23

Шаноўныя сябры, пачаўся новы каляндарны год і мы запрашаем вас на нашы заняткі, дзе мы не толькі размаўляем па-беларуску, але і ўспамінаем правілы і гісторыю, пашыраем наш лексічны запас, і, увогуле, развіваем інтэлект, вывучаючы мову. Па шматлікіх запытах , заняткі будуць праходзіць па аўторках а 18-й гадзіне па адрасе Sandhamnsgatan 8, метро Gärdet, выхад у бок Frihamnen.


Будзем рады бачыць. Далучайцеся!

 2022-12-15

На кожным занятку мы вывучаем новыя словы і выразы. Абсалютны фаварыт сённяшняга занятку, на сціплы погляд нашай суполкі, выраз на беларускай мове, які проста ўзрывае мозг сваёй прыгажосцю і вытанчанасцю: Парцалянавая філіжанка на карункавым сподачку🤍❤️🤍 А вы ведаеце, што гэта такое??

На працягу нашых заняткаў мы бясконцую колькасць разоў атрымлівалі асалоду ад новых слоў, ад іх гучання і значэння, у роце было смачна ад мовы і кожны раз мы толькі здзіўляліся, як мала мы ведаем і як шмат яшчэ трэба вывучыць.

Заняткі ў гэтым годзе скончыліся і сёння мы выйшлі на вакацыі, але ўжо з нецярпеннем глядзім у наступны год і думаем: хутчэй бы ўжо першы занятак года:)
Мы выказваем шчырую падзяку нашай настаўніцы Olga Olshevskaya , якая робіць кожны занятак цікавым і незвычайным. Дзякуй усім, хто далучыўся і не ленаваўся рабіць хатняе заданне! Шчырая падзяка Studieförbundet Vuxenskolan за цудоўнае памяшканне!


Убачымся ў наступным годзе! 😻

 2022-12-06

На сённяшнім занятку мовай мы пагрузіліся ў настальгію. Як гэта часта здараецца:) атрымалі практыкаванне, а скончылася ўсё песняй:) Дык вось, гаварылі пра складанасці перакладу, што гэта не так лёгка, перакласці тэкст з мовы на мову, асабліва, калі тэкст гэты не проста тэкст, а верш, ці песня. І наша настаўніца дала нам прыклад вельмі ўдалага перакладу вядомай песні з расейскай на беларускую. Старая навагодняя песня "А снег идёт" (сл. Я. Еўтушэнкі), што спявала Мая Крысталінская, а пасля Жанна Агузарава.

Наступны раз, 15 снежня, мы збіраемся апошні раз у гэтым годзе, а потым робім перапынак на навагоднія святы.
Далучайцеся🤍❤️🤍

 2022-11-20

Сябры,


Некаторы час таму мы рабілі апытанку наконт жадання вывучаць беларускую мову ў навучальных установах Швецыі ў форме modersmåls undervisning.
Выказваем вялікую падзяку за вашы адказы. Абсалютная большасць рэспандэнтаў зацікаўлена ў вывучэнні мовы, што натхняе нас на далейшую працу ў гэтым напрамку.


Працэс атрымання навучальных гадзін modersmålsundervisning працуе так: бацькі пішуць заяву на modersmålsundervisning у навучальнай установ, едзе навучаецца іх дзіцё. Калі ў камюне набіраецца мінімум 5 вучняў, якія хочуць вывучаць родную мову ў фармаце modersmålsundervisning, камюна пачынае шукаць настаўніка. Наша арганізацыя зараз у кантакце з камюнамі і мы спадзяемся, што дзякуючы гэтай супрацы, выкладанне беларускай мовы стане магчыма!

Так, як першы крок у працэсе - гэта падача заявы ад бацькоў, мы заклікаем усіх, хто зацікаўлены ў гэтым, падаць заяву. Чым больш заяў атрымаюць камюны, тым хутчэй пачнецца арганізацыя
modersmålsundervisning. Мы вельмі разлічваем на вашу актыўную дапамогу ў гэтай справе! Разам у нас абавязкова атрымаецца🤍❤️🤍


І не забывайце пра зваротную сувязь!
Пішыце нам у каменты і на info@sverigesbelarusier.eu, калі ў вас ёсць пытанні ці прапановы.

 2022-10-13

 2022-10-31

Сябры,


Напэўна вы ўсе заўважылі, што жаданне беларусаў гаварыць на роднай мове толькі расце ў апошнія гады.


Дзякуючы супрацы з Studieförbundet Vuxenskolan у нас ёсць доступ да цудоўнага памяшкання на Gärdet. Таму мы запрашаем усіх жадаючых на заняткі  беларускай мовы. Мэта курсу - пашырэнне лексічнага запасу і свабоднае ўжыванне мовы ў паўсядзённым жыцці. Метады навучання: гутаркі на зададзеную тэму, абмеркаванне прачытаных кніг, прагледжаных фільмаў ці праграм, спрэчкі на актуальныя тэмы, чытанне вершаў, абмяркоўванне артыкулаў з беларускамоўнага кантэнту.
Мы плануем курс кожны чацвер, а 18 гадзіне, у дзвух хвілінах хадзьбы ад метро Gärdet. Калі ласка, пішыце ў каментах, ці падыходзіць дзень і час.


Гаварыць па-беларуску - гэта крута!

 

 2022-11-10

Сябры,


Сёння прайшоў першы занятак беларускай мовы👨‍🏫👩‍🏫, арганізаваны Беларусамі Швецыі. Мы пазнаёміліся адзін з адным, а таксама з нашай цудоўнай настаўніцай, Olga Olshevskaya, якая, дарэчы, сёння святкуе дзень народзінаў🥳🥳 дзякуй усім, хто прыйшоў, дзякуй за мову, якая гучала ўвесь вечар, як песня! Падзяка Studieförbundet Vuxenskolan за зручнае і ўтульнае памяшканне.


Канешне, дзве гадзіны - гэта зусім мала для таго, каб нагаварыцца, але дастаткова, каб атрымаць асалоду ад таго, як гучыць наша мова❤️

Не забываем пра дамашняе заданне, з якога пачнем наступны занятак🧐 і запрашаем усіх, хто не дайшоў да нас у гэты раз, далучыцца ў наступны чацвер!